КО́ЛАСА ЯКУ́БА ЛІТАРАТУ́РНА-МЕМАРЫЯ́ЛЬНАГА МУЗЕ́Я ФІЛІЯ́Л.

Размешчаны ў Стаўбцоўскм р-не Мінскай вобл. Уключае мемарыяльныя сядзібы Смольня, Акінчыцы, Альбуць, Ласток. Смольняліт.-мемарыяльны комплекс, за 1,5 км ад в. Мікалаеўшчына. Былая сядзіба Міцкевічаў (родных Я.Коласа), якія жылі тут з 1910. Сюды паэт прыязджаў у 1911—14, 1940, 1947—56. Тут у жн. 1912 ён упершыню сустрэўся з Я.​Купалам. На тэр. сядзібы хата, гасп. пабудовы, калодзеж, ліпы, пасаджаныя Я.​Коласам у 1911. Экспазіцыя складаецца з літ. і мемарыяльнай частак. У літ. ч. (адкрыта для наведвання 8.6.1967 у 2-павярховым будынку, новая створана ў 1982 да 100-годдзя з дня нараджэння паэта) архіўныя дакументы, фотаздымкі, аўтабіягр. матэрыялы, аўтографы твораў Я.​Коласа, асабістыя рэчы і мэбля паэта пасляваен. часу. У мемарыяльнай ч. (адкрыта для наведвання 2.11.1972 у хаце) матэрыялы пра сустрэчу Я.​Коласа і Я.​Купалы, фотаздымкі, прадметы побыту сям’і Міцкевічаў. На хаце ўстаноўлена мемарыяльная дошка. Акінчыцы — мемарыяльная сядзіба. У мінулым засценак, потым вёска, з 1977 ў межах г. Стоўбцы. Тут у 1881—83 жыў бацька паэта М.​К.​Міцкевіч з сям’ёю. Сядзіба адноўлена, на яе тэрыторыі гумно, пограб, калодзеж, хата. Мемарыяльная экспазіцыя адкрыта для наведвання 30.10.1982. Сярод экспанатаў аналагі рэчаў, якімі карысталася сям’я Міцкевічаў, прадметы сял. побыту канца 19 ст. На хаце мемарыяльная дошка: «Тут 3 лістапада 1882 г. нарадзіўся народны паэт Беларусі Якуб Колас (Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч)». Альбуць — мемарыяльная сядзіба, за 5 км ПдУ ад г. Стоўбцы. Былая леснічоўка, дзе ў 1890—1904 жыла сям’я Міцкевічаў. Туг прайшлі дзіцячыя і юнацкія гады Я.​Коласа (1890—1902), адсюль ён хадзіў у нар. вучылішча ў в. Мікалаеўшчына, тут напісаў першы верш. Альбуць у паэме «Новая зямля» апісана як Парэчча. Сядзіба з пабудовамі адноўлена. У 1990 створана літ.-мемарыяльная экспазіцыя па матывах паэмы «Новая зямля», якая складаецца з фотаздымкаў прататыпаў герояў паэмы, рукапісаў, выданняў паэмы розных гадоў, прадметаў побыту сялян 19—20 ст. На хаце ўстаноўлена мемарыяльная дошка. Ласток — мемарыяльная сядзіба, за 12 км ад в. Мікалаеўшчына. Ва ўрочышчы Ласток (Сухошчыне) прайшлі раннія дзіцячыя гады Я.​Коласа. Захавалася хата, адноўлены гасп. пабудовы. У 1997 адкрыты 2 пакоі экспазіцыі па матывах паэмы «Сымон-музыка», у якіх экспануюцца копіі рукапісаў паэмы, яе выданні розных гадоў, лісты, дакументы, фотаздымкі, вырабы нар. майстроў Стаўбцоўшчыны, творы бел. мастакоў. Устаноўлена мемарыяльная дошка: «У гэтай хаце ў 1885—1890 гг. жыў вялікі пясняр беларускага народа Якуб Колас (Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч)».

Літ.:

Мой родны кут. Мн., 1981;

Тумас Г. Родны бераг песняра. Мн., 1982.

З.​М.​Камароўская.

Коласа Якуба літаратурна-мемарыяльнага музея філіял. Мемарыяльная хата ў Смольні.
Коласа Якуба літаратурна-мемарыяльнага музея філіял. Мемарыяльная сядзіба ў Ластку.
Коласа Якуба літаратурна-мемарыяльнага музея філіял. Мемарыяльная сядзіба ў Акінчыцах.
Коласа Якуба літаратурна-мемарыяльнага музея філіял. Мемарыяльная сядзіба ў Альбуці.
Коласа Якуба літаратурна-мемарыяльнага музея філіял. Фрагмент экспазіцыі мемарыяльнай хаты ў Альбуці.

т. 8, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)